Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

22.02.2017

Гімназія святкуе Дзень роднай мовы. Нашы госці: Іван Скарына, доктар Францыск Скарына, кандыдат гістарычных навук А. У. Унучак

21 лютага гімназія адзначала міжнародны Дзень роднай мовы. Дзякуючы гэтаму святу ў нас ёсць магчымасць у поўнай ступені адчуць сябе беларусамі, папрактыкавацца ў валоданні беларускай мовай са сваімі сябрамі, роднымі і тымі, хто знаходзіцца побач.

Вучням і настаўнікам гімназіі ў гэты дзень было прапанавана вітацца і развітвацца на роднай мове, як мага болей размаўляць паміж сабой па-беларуску. На ўсіх уроках настаўнікі мелі магчымасць павітацца, правесці фізкультхвілінку на роднай мове, працытаваць вядомых беларусаў, выказаць свае станоўчыя адносіны да беларускай культуры, мовы, гісторыі. 

Калідоры гімназіі былі ўпрыгожаны постэрамі і сценгазетамі, прысвечанымі беларускай мове і культуры.

На перапынках вучні і настаўнікі слухалі радыёгазеты, беларускую музыку і трэйлеры знакамітых фільмаў, агучаных па-беларуску суполкай “Кінаконг”.

Асаблівая ўвага ў гэтым годзе была нададзена Юбілею беларускага кнігадруку – 500-годдзю беларускай Бібліі і асобе Францыска Скарыны – найвыбітнейшага беларускага навукоўца. Пераклад і друкаванне Бібліі патрабавала не толькі складаных тэхнічых рашэнняў, але і вялікай філасофскай і лінгвістычнай працы па пераасэнсаванню шматлікіх паняццяў і з’яў беларускай культуры праз біблійны кантэкст, які лічыўся на той час найбольш прагрэсіўным у навуковых колах, ужываўся ў юрыспудэнцыі, дзяржаўным справаводстве і г. д. Скарына апярэдзіў свой час, стаў папярэднікам руху Рэфармацыі ў нашай краіне, яго дзейнасць рабіла Вялікае Княства Літоўскае ці не самай перадавой краінай свету.

Самыя яскравыя ўспаміны ад святкавання Дня роднай мовы ў гімназіі засталіся ў тых, каму пашчасціла трапіць на выбітнае мерапрыемства, якое адбылося дзякуючы гасцям нашай гімназіі: кандыдату гістарычных навук, загадчыку аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. У. Унучаку і ўдзельнікам праекта “СКАРЫНАВЕЧАРЫНА”.

Андрэй Уладзіміравіч Унучак распавёў пра гістарычны кантэкст, у якім з’явілася постаць Ф. Скарыны, раскрыў значэнне з’яўлення Бібліі на роднай мове для навукі, культуры, духоўнага развіцця нашай краіны.

Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы ўдзельнікаў праекта “Скарынавечарына”, якія дзякуючы шыкоўным старажытным касцюмам, выдатнаму акторскаму майстэрству і незвычайнай форме – інтэрактыўнаму тэатру – зачаравалі прысутных і пагрузілі іх ў атмасферу часоў XVI стагоддзя.

Гульня “Факт ці фэйк”, якую праводзіў сам доктар Ф. Скарына разам з куратаркай Кракаўскага ўніверсітэту, завяршыла досыць насычаны падзеямі Дзень роднай мовы ў нашай гімназіі.

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Гэтае свята адзначаецца штогод з мэтай садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Родныя мовы ўнікальныя ў тым, што яны накладаюць адбітак на кожнага чалавека з моманту нараджэння, надзяляюць яго асаблівым бачаннем рэчаў, якое ніколі не знікне.
Беларуская мова з'яўляецца самым моцным інструментам захавання і развіцця нашай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.

Палявік А. П.

   

   

Разделы сайта