Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

27.02.2016

Гімназія святкуе Дзень роднай мовы

24 лютага гімназія адзначала Дзень роднай мовы

Гэта свята адзначаецца ў свеце 21 лютага. Дзякуючы яму ў нас ёсць магчымасць у поўнай ступені адчуць сябе беларусамі, папрактыкавацца ў валоданні беларускай мовай са сваімі сябрамі, роднымі і тымі, хто знаходзіцца побач. 

Але 21 лютага – гэта нядзеля, таму ў гімназіі святкаванне адбылося ў сераду 24 лютага.

Вучням і настаўнікам гімназіі ў гэты дзень было прапанавана вітацца і развітвацца на роднай мове, як мага болей размаўляць паміж сабой па-беларуску. На ўсіх уроках настаўнікі мелі магчымасць павітацца, правесці фізкультхвілінку на роднай мове, працытаваць выказванне вядомых беларусаў, выказаць свае станоўчыя адносіны да беларускай культуры, мовы, гісторыі.

 

Калідоры гімназіі былі ўпрыгожаны постэрамі, малюнкамі, рыфмоўкамі і цытатамі пра беларускую мову. 

Пачаўся дзень з вітання на роднай мове на ўваходзе ў гімназію і з раздачы  адмысловых бэйджыкаў з сімволікай свята. На інфармацыйнай гадзіне гучала радыёгазета, прысвечаная святу. На перапынках вучні і настаўнікі слухалі беларускую музыку. Шмат увагі было нададзена гурту "Песняры" і Уладзіміру Мулявіну, юбілей якога адзначаецца ў гэтым годзе.

Самыя яскравыя ўспаміны, якія засталіся пасля свята, звязаны з цудоўнай сустрэчай, падчас якой навучэнцы мелі магчымаць пазнаёміцца з цікавымі гасцямі гімназіі - прадстаўнікамі суполкі па перакладу фільмаў на беларускую мову “КІНАКОНГ”.

 

Кіно – вельмі папулярная тэма сярод гімназістаў, таму размова з чалавекам, дасведчаным у гэтай сферы, выклікала надзвычайную цікавасць.

Сустрэча дала магчымасць многім прысутным адкрыць для сябе, што суполка "Кінаконг" здолела ўзняць дубляванне фільмаў у Беларусі на досыць высокі ўзровень. Работа суполкі дазваляе гледачам убачыць якасны дубляж, пераканацца ў тым, што фільмы, перакладзеныя на беларускую мову, лепшыя за большасць дубляваных фільмаў на рускай мове. Лепшыя беларусія акцёры Павал Харланчук, Ганна Хітрык, Сяргей Жбанкоў і іншыя ўдзельнічаюць у рабоце суполкі “Кінаконг” па агучцы фільмаў.

 

Падчас сустрэчы быў праведзены невялікі майстар-клас па дубляванню. Зацікаўленыя гімназісты мелі магчымасць патрэніравацца ў агучцы трэйлера вядомага мультфільма “Кунг-фу панда - 3”.

Вельмі карыснай сустрэча была і з пункту гледжання профарыентацыі.

 

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Гэтае свята адзначаецца штогод з мэтай садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Родныя мовы ўнікальныя ў тым, што яны накладаюць адбітак на кожнага чалавека з моманту нараджэння, надзяляюць яго асаблівым бачаннем рэчаў, якое ніколі не знікне.

Беларуская мова з'яўляецца самым моцным інструментам захавання і развіцця нашай матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.

Палявік А. П.

Разделы сайта